На памежным пераходзе “Варшаўскі мост” прайшла акцыя пратэсту (ВИДЕО, ФОТО)

Старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Канстанцін Сумар сустрэўся з яе ўдзельнікамі.

21.04. Канстанцін Сумар прыехаў на пераход а 19.30. Да гэтага дыялог з прысутнымі пратэстоўцамі спрабавалі весці кіраўнік Брэсцкай памежнай групы Сяргей Брытаў, кіраўнік Брэсцкай мытні Леанід Досаў і кіраўнік абласной міліцыі Ўладзімір Сычэўскі, паведамляе БелаПАН.

Удзельнікі акцыі (а іх было каля 100 чалавек) паставілі перад Канстанцінам Сумарам пытанне аб свабодным праездзе аўтамабіляў, калі ў баках будзе не болей за 10, максімум 15 літраў паліва. У адказ губернатар паведаміў, што будзе інфармаваць Мінск аб сітуацыі на мяжы. Прыкладна а 19.50 размова скончылася і пратэстоўцы разышліся.

***

19.20. За дзеяннямі людзей, якія прыехалі на памежны пераход, назірае вялікая колькасць міліцыянтаў, спецназаўцаў і супрацоўнікаў КДБ, паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё відавочца Віктар.

Прыкладна а 18.40 да людзей, якія пратэстуюць супраць абмежаванняў на вываз шэрагу тавараў за мяжу краіны, выйшаў начальнік памежнай службы. Ён спрабаваў размаўляць з прысутнымі дружалюбна і жартаваць, аднак людзі былі настроеныя вельмі негатыўна.

Яны патрабуюць, каб да іх прыйшоў старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Канстанцін Сумар.