Навіны палітвязняў

“Радые Свабода” працягвае сачыць за лёсам беларускіх палітвязняў.

Ірына Халіп апавяла пра сустрэчу свайго мужа, кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава , з адвакатам, якая адбылася 8 ліпеня ў сьледчым ізалятары:

«Адвакат казаў, што Андрэй прасіў яго наступным разам прыйсьці не ў панядзелак, а ў аўторак ці нават сераду, калі наш сын Данька вернецца з Крыму, дзе адпачывае. Адзінае, што больш за ўсё цікавіць Андрэя — як там Данька.
Але я ведаю, што гэта наўрад ці атрымаецца ў адваката, бо яны плянуюць падаць дадатковую касацыйную скаргу перад разглядам, які прызначаны на 15 ліпеня, а дадаткі можна падаваць не пазьней як за тры дні. Гэта значыць — у панядзелак-аўторак трэба падаваць».

Алесю Атрошчанкаву дазволілі трохдзённае спатканьне з жонкай Дар’яй Корсак . Спатканьне адбудзецца ў канцы ліпеня.

«Вось з 23 па 26 ліпеня мы плянуем, што ў нас будзе спатканьне. Тры дні. І я да гэтага ужо рыхтуюся, сала набываю, мяса, каб саліць. Каб Сашу было ня толькі радасна, але і карысна».

Былы прэсавы сакратар Андрэя Саньнікава Алесь Атрошчанкаў быў асуджаны адным зь першых, яшчэ ў сакавіку. Ён атрымаў 4 гады зьняволеньня. Атрошчанкава ўтрымліваюць у калёніі Віцьба-3 пад Віцебскам.

Маці Зьмітра Дразда Зоя Дзьмітрыеўна пры канцы ліпеня таксама зь нецярплівасьцю чакае спатканьня з сынам. Зьбіраецца паехаць разам з дачкой, сястрой Зьмітра, у Бабруйскую калёнію:

«Дзіма пакуль яшчэ на карантыне, яго яшчэ не перавялі ў зону. Пасябраваў з палітзьняволеным Сяргеем Казаковым. Яны зь ім толькі і кантактуюць. А пасьля 16 ліпеня — гэта будзе ўжо месяц карантыну — яны ў адзін атрад, канечне ж, ня трапяць, іх не зьмяшчаюць з адным артыкулам разам, стараюцца параскідаць».

Зьміцер Дрозд і Сяргей Казакоў — паплечнікі па кааліцыі «Эўрапейская Беларусь».

Зоя Дзьмітрыеўна распавяла, што піша Зьміцер часта:

«Яму там сказалі, што будзе скрыні зьбіваць. Ежы там, канечне, вельмі мала. Піша: „Ну, я маленькі, шчупленькі, дык мне яшчэ больш-менш хапае, а мужыкам пасалідней мала, амаль што галадаюць, ім вельмі цяжка. Цукру — „не паложана“, многіх іншых прадуктаў таксама“. Перадачы ж пакуль нельга ў карантын. Што да ежы, ён у мяне непераборлівы, вытрымае».

Ганна Казакова, маці Сяргея Казакова, які знаходзіцца цяпер разам са Зьмітром Драздом у карантыне, таксама вельмі перажывае за харчаваньне сына. Учора нечакана яна даведалася пра прыемную навіну:

«Зараз, незалежна ад таго, што сын у карантыне, яму можа пасылку даслаць. Я гэтага ня ведала, і ён сам ня ведаў. Я патэлефанавала ў калёнію, са мной вельмі ветліва, прыязна пагаварылі і сказалі: „Калі ласка, шліце“. Хуценька сабрала пасылку, хоць канвэрты перадала, а то ён скарыстаў апошні канвэрт».

Як і ўсе астатнія палітзьняволеныя, Сяргей Казакоў ні на што ня скардзіцца, хоць яму ўсяго 19:

«Піша, што ўсё ў яго добра. Як у арміі: выдалі форму, што маршыруюць цэлымі днямі, што праверкі частыя, у перапынках у памяшканьне заходзіць нельга, дык увесь час сядзяць на паветры. Наогул, ён піша заўсёды вельмі сьветла і сьвяточна, заўсёды ў добрым настроі. Я думаю, што ён проста ня хоча мяне хваляваць».