Маўклівыя акцыі пратэсту пяройдуць з плошчаў на праспекты

Рух «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» абвясціў умовы першай восеньскай акцыі маўклівага пратэсту.

Першая такая акцыя адбудзецца ў сераду 21 верасня. Плануецца,
што ў гэты дзень з 19.00 да 20.00 цэнтральныя праспекты ўсіх буйных беларускіх гарадоў павінны запоўніцца «людзьмі, якія мірна гуляюць і не ажыццяўляюць ніякіх супрацьпраўных дзеянняў».

Адзін з арганізатараў акцый Вячаслаў Дзіянаў у інтэрв’ю UDF.BY паведаміў, што «будуць абраныя ўчасткі на галоўных праспектах альбо вуліцах гарадоў, дзе будуць канцэнтравацца пратэстоўцы»:

«Гэта значыць, гэтым разам выбраная не канкрэтная плошча,
а нейкі ўчастак на галоўнай вуліцы.

Больш дэталёвая і падрабязная інфармацыя аб кожным горадзе будзе апублікаваная на нашых старонках у інтэрнэце крыху пазней.

Прапанова аб такой тактыцы мерапрыемства была агучаная даволі даўно, яшчэ месяца паўтара таму. Мы глядзелі, дзе праводзіліся акцыі да гэтага, дзе міліцыі складаней за ўсё адрозніць удзельнікаў ад простых мінакоў.
Была зробленая выснова, што менавіта на вуліцы, на тратуарах складаней за ўсё затрымліваць людзей.

Я лічу, што акцыі праводзіць трэба. Цяпер становішча накаляецца. І ніхто, ніводзін аналітык, ніводзін эксперт, не можа спрагназаваць, колькі і якія людзі выйдуць. Ніхто не можа спрагназаваць, калі запаліцца гэтая іскра, калі людзі пачнуць штодня выходзіць, без якіх-небудзь арганізатараў.

Цярпенне ў народу яшчэ ёсць, але Лукашэнка ўжо перайшоў усе магчымыя грані, і рана ці позна ўсё абрынецца. Каб быў каталізатар народнага пратэсту і нязгоды, трэба праводзіць акцыі. Калі іх не будзе, то не будзе ў людзей запалу і іскры».

Ужо вядома, што ў Мінску акцыя 21 верасня пройдзе на праспекце Незалежнасці.