Палітвязень Бандарэнка асцерагаецца псіхалагічнага ціску

Палітзняволены Зміцер Бандарэнка не выключае, што таксама будзе падвергнуты жорсткаму ціску ўслед за кандыдатамі ў прэзідэнты Андрэем Саннікавым, Мікалаем Статкевічам, кіраўніком Маладога Фронту Зміцерам Дашкевічам.

Як паведаміла жонка палітычнага зняволенага Вольга Бандарэнка “Радыё Рацыя”, яе муж у кожным лісце з трывогай піша аб сітуацыі вакол зняволеных палітыкаў:

– Яшчэ да таго, як пайшла інфармацыя аб перавозе Андрэя, ён пісаў, што адчувае, што рыхтуецца нейкая гадасць. Зараз у лісце піша, што нечакана перавялі Андрэя і Зміцера, што прыдумалі нейкую гадасць. Яму многа пішуць, усе чакюць, а ён чакае гэтай гадасці. Занадта ўсе разслабіліся – перавод Андрэя і Зміцера з гэтага негатыўнага шэрагу. Улады адкрыта граюць ролю нягоднікаў і не збіраюцца адмаўляцца ад гэтай ролі.

Зміцер Бандарэнка быў асуджаны на 2 гады зняволення па артыкуле 342 – арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх. Бандарэнка быў адным з кіраўнікоў выбарчай кампаніі Андрэя Саннікава, удзельнічаў у мітынгу супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Падчас знаходжання пад арыштам, у следчым ізалятары перанёс складаную аперацыю на пазваночніку.