Што змянілася ў Беларусі ў галіне правоў чалавека?

Беларускія грамадскія актывісты распаўсюдзілі на форуме ў Брусэлі заяву пра парушэнні правоў і свабод у нашай краіне.

Першае паседжанне Форума грамадзянскай супольнасці ў рамках палітыкі Еўразвяза «Усходняе партнёрства» праходзіць 16 і 17 лістапада ў Брусэлі. Канферэнцыя арганізавана Швецыяй, якая старшынюе ў Еўразвязе, Еўракамісіяй і Сацыяльна-эканамічным камітэтам ЕЗ. У ёй бяруць удзел каля 240 грамадскіх арганізацый з шасці краін-партнёраў – Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Гэта няўрадавыя арганізацыі, аб’яднанні працадаўцаў і прафсаюзы. З Беларусі запрошаныя прадстаўнікі 27 арганізацый.

Асноўнай мэтай Форума грамадзянскай супольнасці з’яўляецца аблягчэнне дыялога і супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і ўрадамі краін-удзельніц Усходняга партнёрства, а таксама садзеянне ў рэалізацыі праграмы.

З боку ЕЗ у форуме бяруць удзел кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більдт, еўракамісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер і старшыня Сацыяльна-эканамічнага камітэта ЕЗ Марыё Сепіі.

На адкрыцці Форума выступілі былы генеральны сакратар Рады Еўропы Катрын Лалюмьер, галоўны дарадца, кіраўнік працоўнай групы «Усходнягя партнёрства», старшыня Еўрапейскай камісіі Бруна Дэтамас, палітычны дырэктар Міністэрства замежных спраў Швецыі Б’ёрн Лірвал, прэзідэнт аддзела па знешніх сувязях Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта (ЕЭСК) Філіп Хамра-Дротц.

Пра тое, як праходзіць Форум грамадзянскай супольнасці краін-удзельніц «Усходнягя партнёрства», сайту charter97.org распавёў прадстаўнік Хартыі’97 і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Кобец:

«Выступаючыя на адкрыцці Форума прадстаўнікі Еўразвяза выказалі ўпэўненасць, што ўсе прынятыя на мерапрыемстве рэзалюцыі і дакументы паўплываюць на палітыку нацыянальных урадаў і Еўразвяз увогуле. Вельмі шмат казалі пра парушэнні правоў чалавека і неабходнасць развіваць дэмакратыю. Экс-старшыня Рады Еўропы, экс-генсак Рады Еўропы Катрын Лалюмьер выказала надзею, што Беларусь, нарэшце, стане чальцом Рады Еўропы. Бо 5 з 6 краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» з’яўляюцца чальцамі гэтай арганізацыі. Аднак спадарыня Лалюмьер адзначыла, што сяброўства ў РЕ залежыць ад самой Беларусі.

На форуме таксама казалася пра неабходнасць спрашчэння візавага рэжыму з Еўразвязам і асацыяраваным сяброўстве некаторых краін «Усходняга партнёрства» у ЕЗ. Ужо сфармаваныя 4 працоўныя групы, якія будуць абмяркоўваць пытанні дэмакратыі, эканомікі, экалогіі і кантактаў паміж грамадзянамі. На Форуме была распаўсюджана заява грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з аналізам сітуацыі ў краіне пасля ўключэння Беларсі ў праграму «Усходняе партнёрства». Гэты дакумент усімі актыўна абмяркоўваецца, яго ўспрынялі з вялікай цікаўнасцю», – распавёў Уладзімір Кобец.

Падаем тэкст заявы грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», распаўсюджаную на форуме «Усходняга партнёрства» у Брусэлі:

«7 траўня 2009 года Беларусь была далучана да праграмы «Усходняе партнёрства». Што змянілася ў сферы правоў чалавека ад тых часоў?

1. Смяротнае пакаранне

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўсё яшчэ існуе смяротнае пакаранне. Ад траўня 2009 года былі прыведзеныя ў выканне два смяротныя прысуды. Вярхоўны суд пакінуў прысуды без зменаў.

2. Парушэнне свабоды аб’яднанняў

Артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэкса ўсе яшчэ дзейнічае ў Беларусі. Ён ўсталёўвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Адначасова ўлады адмаўляюць ў рэгістрацыі НДА, праваабарончым арганізацыям і палітычным партыям (праваабарончы цэнтр «Вясна», «Малады Фронт», Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і г.д.).

3. Парушэнне свабоды слова і распаўсюду інфармацыі

Прынамсі, шасці незалежным друкаваным выданням адмовілі ў рэгістрацыі цягам апошніх трох месяцаў. Толькі двум незалежным газетам дазволілі быць прынятымі ў дзяржаўную сетку распаўсюду. Падчас разгону нядаўніх дэманстрацый супрацоўнікі спецслужбаў наўмысна збівалі журналістаў і пашкоджвалі журналісцкае абсталяванне, каб перашкаджаць іх працы.

4. Парушэнне свабоды сходаў

Тры мірныя акцыі пратэсту былі жорстка разагнаныя ў верасні і кастрычніку ў Менску. Удзельнікі акцый былі збітыя, арыштаваныя і аштрафаваныя на вялікія сумы. Затрыманых збівалі, здзекваліся з іх, прыніжалі і абражалі ў міліцэйскім транспарце і ў аддзяленнях міліцыі. Ім пагражалі смерцю, жанчынам пагражалі згвалтаваннем.

5. Крымінальныя справы па палітычных матывах

Пасля таго, як Беларусь была прынята ў праграму «Усходняе Партнёрства», у краіне з’явіліся два новыя палітвязні, актывіст «Маладога Фронта» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года арышту, а актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Дашук – да года ўмоўна. Грамадскія актывісты Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка знаходзяцца ў турме ад лютага. Іх справы дагэтуль не перадалі ў суд.

6. Пераслед грамадскіх актывістаў

Ад пачатка года каля 500 дэмакратычных актывістаў былі арыштаваныя, збітыя ці аштрафаваныя за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў і ўдзел у вулічных акцыях. Улады працягвалі звальненні дэмакратычных актывістаў і выключэнні іх з універсітэтаў. Выпадкі выкраданняў актывістаў Артура Фінькевіча, Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова не былі расследаваныя. Мінулай вясной супрацоўнікі спецслужбаў схапілі іх, вывезлі за горад, збілі, абрабавалі і пакінулі ў лесе.

7. Парушэнне свабоды сумлення

Улады працягваюць ціск на царкву «Новае Жыццё». Баптысцкія цэрквы, «Сведкі Іеговы» і іншыя пераследуюцца ўладамі, іх судзяць і штрафуюць.

8. Палітычна матываваныя прызывы ў войска

Каля дзесятка маладых палітычных лідэраў незаконна і гвалтоўна прызваныя ў войска з мэтай перашкодзіць іх грамадскай дзейнасці.

9. Расследаванне знікненняў палітыкаў і журналіста

Выкраданні і забойства ў 1999-2000 гг. вядомых палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага не былі расследаваныя. У справаздачы Спецыяльнага дакладчыка ПАРЕ па Беларусі Хрыстаса Пургурыдэса высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі былі названыя датычнымі да гэтых злачынстваў.

10. Выбарчае заканадаўства

АБСЕ і незалежныя назіральнікі прызналі прэзідэнцкія выбары 2006 года і парламенцкія выбары ў 2008 годзе несвабоднымі і несправядлівымі. Ніводны сябра апазіцыі не атрымаў месца ў парламенце. Наступныя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў 2011 годзе, але выбарчае заканадаўства і практыка яго выкарыстання не змяніліся.

Без сур’ёзных паляпшэнняў у гэтых сферах любое супрацоўніцтва Еўразвяза з рэжымам Лукашэнкі прывядзе да далейшых і больш значных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Умовай уступлення ў сілу Пагаднення аб Партнёрстве і Супрацоўніцтве павінны быць павага да правоў чалавека і свабодныя выбары ў Беларусі.

Хартыя’97